Беларуская Служба

«Мы змагаліся, але пастаянна памяталі пра Варшаўскае паўстанне і разумелі, што не можам дапусціць кровапраліцця» - 43 гады таму ў Польшчы ўвялі ваеннае становішча

13.12.2024 19:36
На вуліцы гарадоў краіны былі выведзеныя танкі і бронетэхніка, выйшлі ўзброеныя вайсковыя патрулі, улады адключылі тэлефоны, была ўведзеная каменданцкая гадзіна.
Аўдыё
  • 43 гады таму ўлады ПНР увялі ваеннае становішча
      13  1981 .
Ваеннае становішча ў ПНР было ўведзенае 13 снежня 1981 года. Бронетранспарцёр на вуліцы польскага горадуShutterstock.com/Marcin Michalczyk

43 гады таму ўлады ПНР увялі ваеннае становішча.  13 снежня 1981 года з самай раніцы супрацоўнікі польскай міліцыі і спецслужб прыступілі да затрыманняў апазіцыйных актывістаў. На вуліцы гарадоў краіны былі выведзеныя танкі і бронетэхніка, выйшлі ўзброеныя вайсковыя патрулі, улады адключылі тэлефоны, была ўведзеная каменданцкая гадзіна. Адначасова быў забаронены прафсаюз «Салідарнасць», які быў масавым грамадска-палітычным рухам.

Гэта толькі некаторыя ўведзеныя абмежаванні. Акрамя таго, палякі не маглі свабодна перамяшчацца па краіне, на больш чым месяц была перарваная міжгародняя тэлефонная сувязь, а ўсе тэлеграмы і лісты правяраліся.
13 снежня 1981 года ў цэлай краіне на вуліцы было выведзена 70 тыс. салдат і 30 тыс. супрацоўнікаў міліцыі, выйшлі танкі, бронетранспарцёры і іншая вайсковая тэхніка.

Ваеннае становішча працягвалася да 22 ліпеня 1983 года. За гэты час жыццё страціла, паводле ацэнак гісторыкаў, 30-40 чалавек, інтэрнавана было больш за 10 тыс. грамадзян. Тысячы людзей былі звольненыя з працы за ўдзел у страйках, падтрымку падпольнай «Салідарнасці» і прыналежнасць да прафсаюзу.

Штогод 13 снежня па ўсёй Польшчы праходзяць разнастайныя акцыі па ўшанаванні памяці аб падзеях тых часоў.

Усё пачалося ноччу 12 снежня, калі была ўведзеная прэвентыўная аперацыя «Азалія» з мэтай усталявання кантролю над галоўнымі дзяржаўнымі аб’ектамі, тэлебачаннем, радыё, вакзаламі і адміністрацыйнымі будынкамі.

Ноччу 13 снежня пачалася хваля затрыманняў па ўсёй краіне. Агулам у дзеяннях па рэалізацыі ваеннага становішча ўзялі ўдзел больш за 100 тыс. Чалавек, больш за 1 тыс. 700 танкаў і 1 тыс. 400 адзінак іншай вайсковай тэхнікі.  25% усёй мілітарнай сілы было сканцэнтравана ў Варшаве.

Дзеянні ўладаў выклікалі моцную хвалю пратэстаў у Гданьску, Кракаве, Шчэціне і іншых гарадах. Але ўсе яны былі падаўленыя войскам і міліцыяй. Уладу ў краіне ўзяў Вайсковы камітэт нацыянальнага выратавання на чале з генералам Войцехам Ярузэльскім.

Многія палякі згадваюць падзеі 1981 года як самыя сумныя ў сваіх жыцці. Дарэчы, людзі, якія тады былі дзецьмі, праз гады расказвалі, што ім найбольш не хапала калыханкі па тэлебачанні, таму што на нейкі час тэлевізія спыніла вяшчанне.

Bogdan Borusewicz Bogdan Borusewicz

Дзеяч апазіцыі ў часы ПНР, а ў новай Польшчы — шматгадовы дэпутат, сенатар і былы старшыня Сенату Богдан Барусэвіч згадаў у эфіры Польскага радыё, што асабіста для яго ўвядзенне ваеннага становішча стала сумнай падзеяй. Палітык таксама зазначыў, што цягам цэлага перыяду становішча апазіцыя дзейнічала, але была асцярожнай.

— Мы змагаліся, але пастаянна памяталі пра Варшаўскае паўстанне і разумелі, што не можам дапусціць кровапраліцця.

Барусэвіч добра памятае падзеі, якія мелі месца 42 гады таму назад.

— Калі 12 снежня я выйшаў са свайго дому ў Сопаце, то за мной ішла цэлая зграя супрацоўнікаў Службы бяспекі. Я думаў, што мяне затрымаюць. Увогуле сочку за сабой, дарэчы, вельмі асцярожную з іх боку, я заўважыў 11 снежня. І я тады зразумеў, што ўлады нешта рыхтуюць.

Масква не верыла ў тое, што ўлады ПНР змогуць утрымаць сітуацыю пад кантролем. На пачатку верасня 1981 года былі праведзеныя вайсковыя вучэнні пад назвай «Захад-81», каб прадэманстраваць сілу Крамля.

Паводле часткі гісторыкаў, генерал Войцех Ярузэльскі, які тады ўзначальваў краіну, разумеў, што ў выпадку пагаршэння грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне Савецкі Саюз не будзе гуляць у дыпламатыю і не завагаецца ўвесці свае войскі і войскі Варшаўскага дагавору ў ПНР. А гэта азначала б грамадзянскую вайну ў Польшчы. Таму, каб запабегчы кровапраліццю, улады ў Варшаве прынялі рашэнне вырашыць крызісную сітуацыю ў краіне самастойна.

Частка ж гісторыкаў не згаджаецца з такім тэзісам, зазначаючы, што ў архівах не захаваліся дакументы, якія б сведчылі аб намерах Крамля пачаць інтэрвенцыю ў Польшчы.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

здымак Б. Барусэвіча: fot. Piotr Podlewski/Polskie Radio

Больш на гэтую тэму: Машына часу